Маладосць – выдатная пара ў жыцці кожнага чалавека. Гэта час станаўлення асобы, пошукаў і адкрыццяў, сяброўства і рамантыкі, смелых ідэй і планаў. Гэта гады рамантызму і шчырай захопленасці, пошуку ідэалаў і свайго месца ў жыцці. Моладзь – наша сіла, наша апора, наша будучыня!
Мы жывём у XXI стагоддзі, ва ўмовах пастаяннай зменлівасці, калі інавацыйнасць і крэатыўнасць становяцца ключом да паспяховага развіцця грамадства. Менавіта моладзь, запатрабаваная ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, гатовая рызыкаваць, прапаноўваць і рэалізоўваць уласныя неардынарныя рашэнні, будзе вызначаць паспяховае развіццё нашага раёна і краіны ў цэлым.
Гонар Кіраўшчыны – залатыя медалісты 2024 года. Атрыманне залатога медаля – гэта вынік упартасці, працавітасці і выдатных поспехаў у вучобе.
Аляксандр ГУР’ЯНАЎ
Вучань, які з вялікім інтарэсам займаўся ва ўстанове адукацыі па ўсіх прадметах, але асабліва захапляўся фізікай. Наведваў дадтковыя заняткі, займаўся самаадукацыяй. І сваю будучую прафесію плануе цесным чынам звязаць менавіта з фізікай. Марыць стаць спецыялістам у галіне камп’ютарнай інжынерыі.
Юнак – рознабаковая асоба. З захапленнем чытае энцыклапедычную літаратуру. Удзельнічаў у фінале вядомага тэлепраекта “Я ведаю”.
Адно з яго хобі – музыка: Аляксандр сам піша словы для песен, іграе на гітары.
У хлопца таксама вялікі спартыўны патэнцыял. Актыўна ўдзельнічаў у спаборніцтвах раённага і абласнога ўзроўняў, займаў прызавыя месцы.
Святаслаў СТЭЛЬМАХ
Зарэкамендаваў сябе як адказны малады чалавек. Актыўная жыццёвая пазіцыя, прынцыповасць і мэтанакіраванасць, уменне аналізаваць дазваляюць яму дасягаць пастаўленых мэтаў. Святаслаў мае ярка выяўленую грамадзянскую пазіцыю, карыстаецца аўтарытэтам сярод сяброў і знаёмых.
Акрамя вучобы, юнак захапляецца ігрой на гітары і камп’ютарнымі гульнямі. Далёка Святаслаў не загадвае, але на бліжэйшую перспектыву планы ёсць – паступіць у БДУ на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій на спецыяльнасць кібербяспека. У будучым плануе стаць добрым спецыялістам у гэтай сферы, уладкавацца на працу, чым прыносіць карысць сабе, сваёй сям’і і Радзіме.