“Дала мне маці гэту мову...”
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. 21 лютага ЮНЕСКА абвясціла Міжнародным днём роднай мовы, каб папярэдзіць знікненне асобных гаворак свету і захаваць моўную разнастайнасць.
У ДУА «Мышкавіцкая сярэдняя школа” адзначаць гэты дзень стала добрай традыцыяй. Настаўнікам беларускай мовы і літаратуры трэба давесці да вучняў значнасць такога свята, дапамагчы ўсвядоміць думку аб неабходнасці клапаціцца пра бытаванне роднай мовы. У святой справе адраджэння беларускай нацыянальнай культуры і мовы настаўнікі абапіраюцца на лепшыя народныя традыцыі: святкаванне Каляд з ваджэннем казы, свята Гукання вясны, конкурсы чытачоў.
Сёлета 21 лютага з раніцы ў школе гучалі песні беларускіх выканаўцаў, Прыемна было пачуць беларускае слова на перапынках ад калег-настаўнікаў і вучняў. Добра выглядалі з густам аформленыя інфармацыйныя стэнды. На свята матчынай мовы праведзены конкурсы знаўцаў роднай мовы , а таксама конкурс чытачоў твораў на роднай мове.
Смак роднай мовы не павінен забывацца на наступны дзень. Калі ты нарадзіўся беларусам, калі ты жывеш на зямлі Беларусі, нельга не шанаваць родную мову, менавіта яна злучае людзей у адзін народ – такая галоўная тэма мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы.









