Жыццё цудоўнае!
Чалавеку трэба разумець, што яго жыццё – унікальнае і непаўторнае, і ён адказны за тое, што ў ім адбываецца. Нездарма ёсць выслоўе, што жыццё любіць тых, хто любіць яго і, і шануе тых, хто шануе яго.
У рамках акцыі “Жыццё цудоўнае! Думай! Беражы сябе!” у Мышкавіцкай школе праходзяць заняткі для падлеткаў “Я б у важатыя пайшоў – хай мяне навучаць”. Сэнс дадзенага этапу ў тым, што дарослыя вучаць падлеткаў асноўным правілам бяспечнай жыццядзейнасці і спосабам данясення атрыманай інфармацыі. Далей ужо падрыхтаваныя падлеткі на этапе “Роўны навучае роўнага” данясуць інфармацыю да іншых дзяцей, дапамогуць сфарміраваць адносіны да праблемы і спосабам паводзінаў у рызыкоўных сітуацыях шляхам актыўных і інтэрактыўных форм узаемадзеяння. А скончыцца акцыя правядзеннем “сонечнага” флэшмоба.
З мэтай развіваць навыкі пазітыўных сацыяльных паводзін, вучыцца бачыць прыгожае, прайшлі заняткі для важатых у бягучым месяцы. Педагогі імкнуліся навучыць рабят ствараць атмасферу добразычлівасці, даверу, магчымасці аб’яднаць дзяцей у групы, развучвалі з імі гульні на зняцце эмацыянальнай напружанасці. Кожны мог выказаць свае пачуцці падчас практыкаванняў, заданняў. А заданне, якое прасочвалася на працягу сустрэчы, гэта – жыццё і адносіны да яго.
Для стварэння пазітыўнага настрою работу суправаджалі эмблемы ў выглядзе сонейка, карцінкі-матыватары.
У выніку работы падлеткі выказвалі меркаванні аб тым, што такое жыццё, якім яны яго бачаць, успаміналі, якія добрыя падзеі адбываліся ў іх жыцці.
У канцы заняткаў рабяты падрыхтавалі пазітыўны калаж “Жыццё – гэта цудоўна!” і зразумелі, што жыццё насычаецца любоўю. Яно чэрпае сілы з нашых усмешак, прыгожых думак, вобразаў, з нашай веры, з нашага жадання жыць, са спакою духу.




Любоў Маркевіч,
намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце
Мышкавіцкай школы